Я не веру ў шчаслівае жыццё. Я іранічны скептык з трагічным светаўспрыманнем. Гэта пазбаўляе дурных ілюзій, ратуе ад удзелу ў масавых псіхозах, дазваляе жыць сваім розумам і не паддавацца марнасці.
Я не чакаю ад гэтага свету шчасця. Мяне як асобу сфармавалі старыя майстры: Кафка, Джойс, Набокаў, Гамбровіч. Творчасць — адзіная негвалтоўная форма свабоды, высакародная спроба супрацьстаяння злу, вяртанне чыстай красы з хаосу, падарожжа туды, дзе яшчэ ніхто не бываў.