Мілінкевіч: «Мы мусім быць аптымістамі хоць бы таму, што праўда на нашым баку»

Што будзе пасля Лукашэнкі, які атрымаў піраву перамогу.

Аляксандр Мілінкевіч, фота Еўрарадыё

У эфіры Обычного утра былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч падзяліўся ўражаннямі пра кампанію па перапрызначэнні Лукашэнкі, а таксама бачаннем магчымага развіцця падзей, калі пасада прэзідэнта ў Беларусі апынецца вакантнай. Прывядзём некалькі фрагментаў гутаркі.

Пра піраву перамогу Лукашэнкі

— Краіна губляе вялікія шанцы на развіццё. Людзі ў турме, шмат людзей за мяжой. Але ад таго, ці будзем мы мець сапраўдную волю, жаданне пераменаў, многае залежыць.

Гэта пірава перамога, нам усім гэта зразумела. Бо чым павінна займацца ўлада? У яе павінен быць план дзеянняў, стратэгія. Каб сказаць, куды мы ідзем, што мы будзем будаваць, якую дзяржаву.

А мы не чуем дзесяцігоддзямі, што мы робім. Такое адчуванне, што вакол ворагі, ворагі, ворагі. А мы абараняемся. Вакол аблога, усё кепска, але я вас уратую. Гэта нецікава нікому, асабліва маладой генерацыі.

Ён, напэўна, цешыцца толькі адным, як і ўсе, хто рыхтаваў для яго гэты кепскі спектакль: «А вось яны не выйшлі на вуліцы, мы перамаглі!». І што далей? На страху краіну не пабудуеш. Творчыя людзі не могуць працаваць. І простыя не могуць.

Што нам важна рабіць

— Захоўваць дух. Бо калі мы слабымі падыйдзем да моманту, які завецца акном магчымасцяў… Нам трэба быць моцнымі ў такі момант.

Мы мусім быць аптымістамі хоць бы таму, што праўда на нашым баку. Ідзе барацьба дабра са злом. І дабро непазбежна пераможа.

Нам трэба не дзекабрыстаў згадваць, якіх мы вучылі ў школе. І не пераварот кастрычніцкі Леніна. Нам трэба паглядзець на суседнія краіны, як яны з-пад апекі Расійскай імперыі выходзілі.

Тая ж Польшча — вельмі блізкі для нас прыклад. Румынія — у меншай ступені. А ў Польшчы вельмі падобна было. Спачатку дзесяцімільённая «Салідарнасць», велізарная арганізацыя, афіцыйна зарэгістраваная. Прадэмакратычная, антыкамуністычная.

Потым уводзіцца ваеннае становішча, вельмі падобна, як у нас. У турмы кінулі дзесяць тысяч лідараў «Салідарнасці». Праўда, сёння яны, хто жывы, кажуць, што такіх зверстваў у іх не было, як цяпер у нас.

А пасля гэтага была дэпрэсія. Масавая эміграцыя, пераважна эканамічная, бо быў цяжкі крызіс у эканоміцы. Вельмі падобная сітуацыя. Але палякі не прыдумвалі план перамогі, яны працавалі на перамогу.

Што гэта было? Акцыі салідарнасці са зняволенымі, яны дапамагалі іх сем’ям. Распаўсюджвалі ўлёткі, часопіс «Культура», які выдаваўся ў Парыжы. Яны рабілі кожны, што хто мог рабіць.

Што будзе пасля Лукашэнкі

— Там (сярод лукашэнкаўцаў — С. ) ужо ёсць падзел. Частка атачэння лічыць, што трэба быць як мага бліжэй да Расіі. Бо гэта блізкая ім краіна, Еўропу яны не адчуваюць.

А другая частка хоча самастойнай краіны, бо ў такім выпадку яны бачаць, што могуць захаваць сваю ўладу. І гэтыя дзве групы ёсць, яны нават у інтэрнэце змагаюцца адна з адной.

І гэта добра, бо ва ўсіх постсавецкіх краінах, у краінах сацыялістычнага лагера перамагала дэмакратыя тады, калі быў падзел наменклатуры. Ён непазбежны, там таксама розныя людзі.

І вось калі мы думаем, а ці будзе ў нас круглы стол, як у Польшчы быў? А палякі з «Салідарнасці» селі за стол нават з тымі, хто страляў у рабочых. Гэта была моцная траўма для іх, але яны селі за стол дзеля захавання краіны.

Я думаю, мы павінны падаваць сігналы той частцы, што за Беларусь, незалежную краіну, што супраць расійскага свету ў глыбіні душы. Бо гэта нашыя патэнцыйныя саюзнікі ў пераходны перыяд.  

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)